Тэма 2.3. Сінанімія. Антанімія
Пытанні для самакантролю
- Дайце азначэнне слоў-сінонімаў. Ахарактарызуйце шляхі ўтварэння сінонімаў.
- Вызначце асаблівасці абсалютных, семантычных (ідэаграфічных), стылістычных, семантыка-стылістычных сінонімаў. Пакажыце розніцу паміж агульнамоўнымі і кантэкстуальнымі сінонімамі. Адказ праілюструйце прыкладамі.
- Адзначце, што такое сінанімічны рад. Пакажыце, чым дамінанта адрозніваецца ад іншых членаў сінанімічнага рада.
- Пералічыце функцыі сінонімаў у мове. Пакажыце своеасаблівасць розных прыёмаў выкарыстання сінанімічных слоў у тэксце.
- Акрэсліце асаблівасці лексічнай антаніміі. Адзначце, ці ўсе словы могуць уступаць у антанімічныя адносіны. Ахарактарызуйце тыпы антонімаў. Прывядзіце прыклады.
- Дайце характарыстыку агульнамоўных і кантэкстуальных антонімаў. Адказ праілюструйце прыкладамі.
Практыкаванні
Практыкаванне 1. Вызначце агульную семантычную прымету, сэнсавыя адценні і стылістычную афарбоўку прыведзеных сінонімаў.
Добры, узорны, бездакорны, людскі, ладны; любоў, замілаванне, закаханасць, любасць, захапленне; мяцеліца, завіруха, замятуха, снегавей, дуйка; манастыр, кляштар, лаўра, абіцель; праславіць, увекавечыць, абяссмерціць; разам, супольна, агулам, хорам, талакой.
Практыкаванне 2. Прачытайце ўрывак з рамана І. Мележа “Людзі на балоце”. Выпішыце з тэксту сінонімы, вызначце іх тып, акрэсліце функцыі ў тэксце.
Дні за днямі рабіна цікаўна глядзела на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма – сціплая, непрыкметная за нязграбным плотам, блізка ад вялікіх дрэў. Ніхто не даваў ёй ніякай увагі, мылі яе, песцілі толькі цёплыя дажджы, ды любілі шумець маладым лісцем вятры. Людзі ж яе як бы не заўважалі, спачатку таму, што проста не прыкмецілі, а потым таму, што непрыкметна прывыклі. І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная ў жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, не абыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: “Глядзі ты!..”
Практыкаванне 3. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне на тэму “Сінонімы ветлівасці”, прысвечанае эўфемізмам і гісторыі іх узнікнення. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да артыкула Г.М. Малажай у энцыклапедыі “Беларуская мова” (Мн., 1994, С. 636).
Практыкаванне 4. У прыведзеных словазлучэннях замяніце прыметнікі антанімічнымі.
Цягавіты чалавек, чулы сябра, спагадлівая дзяўчына, благія намеры, слушная парада, кемлівы навучэнец, карысная справа, ганебны ўчынак.
Практыкаванне 5. Ахарактарызуйце структуру слоўнікавага артыкула ў “Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў” М.К. Клышкі (Мн., 2005). Праілюструйце адказ трыма радамі слоў, выпісаных з гэтага даведніка.
Практыкаванне 6. Выпішыце пяць антанімічных груп са “Слоўніка антонімаў” У.М. Лазоўскага (Мн., 1994). Ахарактарызуйце будову слоўнікавага артыкула ў гэтым даведніку.